Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

 

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы заснаваны 25 мая 1944 года. Стваральнікам і першым дырэктарам стала жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч. З 1959 года адрас музея – вуліца Янкі Купалы, 4, на тым месцы, дзе паэт жыў з 1927 па 1941 год.
 
Музей мае 4 філіялы. Старэйшыя – радзіма Янкі Купалы Вязынка і Ляўкі, дзе месцілася дача паэта, – маюць статус мемарыяльнага запаведніка. Мемарыялізаваны Акопы, дзе прайшлі самыя плённыя гады творчасці, і Яхімоўшчына, дзе былі напісаны вершы, што ўвайшлі ў першы зборнік “Жалейка”.
 
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы – адзін з самых сучасных музеяў Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя “Шляхі”, створаная ў 2014 годзе, на новым ўзроўні прадстаўляе Янку Купалу – генія нацыянальнай літаратуры, які сваім словам абуджаў свядомасць беларусаў як нацыі, годных прадстаўнікоў славянскай і сусветнай супольнасці. Выкарыстанне IT-тэхналогій пашырыла інфармацыйныя магчымасці экспазіцыі, паспрыяла стварэнню атмасферы месца і часу, эфекту прысутнасці. Унікальным з’яўляецца ”Галаграфічны тэатр“ – праекцыя рухомай постаці Янкі Купалы, агучаная арыгінальным запісам голасу паэта. Сучасныя літаратурна-дакументальныя экспазіцыі створаны ў Вязынцы (2012) і Ляўках (2015) .
 
Калісьці дом Янкі Купалы ў Мінску называлі “домам адчыненых дзвярэй”, дзе гаспадары шчыра радаваліся кожнаму госцю. Музей працягвае гэту традыцыю, калі кожны наведвальнік – жаданы госць, падарункам якому стане радасць адкрыцця і сустрэча са светам мастацтва і высокай паэзіі.
 
Музей стаў тым месцам, дзе адбываюцца падзеі важныя і дарагія кожнаму чалавеку. У Купалавым доме маленькіх вучняў урачыста прымаюць у гімназісты, уручаюць маладым грамадзянам Беларусі пашпарт. У 2016 годзе, калі споўнілася 100 год вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Луцэвіч, у Ноч музеяў 26 пар адзначылі юбілеі шлюбу.
 
На памяць аб сустрэчы кожны госць атрымлівае налепку з партрэтам паэта на знак таго, што далей па жыцці ён ідзе “з Купалам у сэрцы”. Штогод у музей завітвае звыш 120 тысяч чалавек.
 
Музейная прастора даўно перастала быць статычнай. З пасіўных сузіральнікаў наведвальнікі сталі суразмоўцамі, актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу. Адкрываюць год “Калядкі ў Купалавым доме”. Госці праграмы знаёмяцца з традыцыяй святкавання Нараджэння Хрыстова і Новага года, прымаюць удзел у беларускіх Калядах. У лютым – сакавіку музей прапануе яшчэ адну інтэрактыўную праграму – “Гуканне вясны”, якая ў гульнёвай форме знаёміць удзельнікаў з беларускімі веснавымі абрадамі. Тых, хто жадае адчуць атмасферу традыцыйнага беларускага быту, запрашаюць на “Вячоркі”.
 
Папулярнасцю карыстаецца і гульня-квэст “У пошуках папараць-кветкі” – самастойнае падарожжа з пуцяводнікам па экспазіцыі. Маштабныя рэканструкцыі беларускіх сезонных святаў “Гуканне вясны” і “Багач” ладзяцца ўвосень на тэрыторыі філіяла Вязынка. Міжкультурны дыялог і супрацоўніцтва – адзін з важных напрамкаў дзейнасці музея. Штогод Купалаў дом прымае выставачныя праекты з Расіі, Літвы, Латвіі, Славакіі, Украіны, Грузіі, Фінляндыі. А выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ўжо бачылі расіяне і прыбалты, палякі і ўкраінцы, эстонцы, грузіны, ізраільцяне, французы і фіны.
 
Традыцыйна ў Дзень роднай мовы паслы дзясяткаў дзяржаў, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, бяруць удзел у грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам”.
 
У музеі працуе каманда аднадумцаў, аб’яднаных любоўю да беларускага слова, павагай да нашай гісторыі, якімі яны дзеляцца з людзьмі, укладаючы ў справу не толькі веды, але і частку душы.
 
Плён дзейнасці музейнай каманды не застаўся незаўважаны. Вынік – прызавыя месцы на трох Нацыянальных форумах “Музеі Беларусі”: 1- е за дызайн-праект экспазіцыі “Шляхі” (2012), 2-е за выданне каталога “Ты гэтых вачэй не забудзь…” і выставачны праект “Будзь ЯК: Янка Купала і стыль” (2014), а таксама за распрацоўку лічбавага шрыфту “PIASNIAR” на аснове почырку паэта (2016). Шрыфт атрымаў 2-гі прыз і на міжнародным спецыялізаваным форуме па інфармацыйных тэхналогіях TIBO-2015. У 2012 годзе калектыў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
 
Але галоўная ўзнагарода – усмешка і добрае слова тых, хто прыходзіць у Купалаў дом!
 
КОШТ ПАСЛУГ
 

Паважаныя наведвальнікі, на экскурсіі абавязкова папярэдні запіс па тэлефоне (8017) 3277866.

Бясплатны дзень для наведвання музея — трэці панядзелак месяца

Назва паслугі

Катэгорыі наведвальнікаў

Кошт (бел.руб)

Наведванне асноўнай экспазіцыі

Школьнікі, навучэнцы каледжаў, ліцэяў

3 руб.

 

Студэнты ВНУ

4,50 руб.

 

Дарослыя

6 руб.

Экскурсія

Школьнікі, навучэнцы каледжаў, ліцэяў

5 руб.

 

Студэнты ВНУ

5 руб.

 

Дарослыя

6 руб.

Інтэрактыўныя музейныя праграмы “У пошуках папараць-кветкі”, “Калядкі”, “Гуканне вясны”, “Вячоркі”

Усе катэгорыі наведвальнікаў

5 руб.

У філіялах музея:

Наведванне асноўнай экспазіцыі:

§  Дарослыя – 2 руб.

§  Вучні, навучэнцы, студэнты – 1 руб.

§  У філіяле «Ляўкі» кожны аб’ект («Дача», «Гараж», «Лясніцтва») аплочваецца асобна.

Экскурсія:

§  Вучні, студэнты – 3 руб.

§ Дарослыя – 3 руб. 50 кап.

Наш адрас: г. Мінск, вуліца Янкі Купалы, 4

Мы працуем: панядзелак-серада, пятніца, субота з 9:30 да 17:30; чацверг з 9:30 да 20:30 

Чакаем усіх наведвальнікаў у нашым музеі!

Размещено: 14.11.2017

Теги:

Оставить комментарий:

Ваше имя:

        


Введите цифры на картинке: